СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.
Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.
Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І.Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш. еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.
Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр. ням., франц., лац. мовы.
Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.
Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.
Публ.:
Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Літ.:
Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;
Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;
Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;
Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;
Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;
Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;
Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;
Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;
Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;
Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;
Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.
І.А.Юхо.
т. 15, с. 171